Міжнародны дзень роднай мовы

21.02.2023

21 лютага вучні ДУА “Ласіцкая сярэдняя школа” Пінскага раёна актыўна далучыліся да мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы.

На працягу дня ўсе неабыякавыя да роднага слова настаўнікі і вучні размаўлялі па-беларуску (згодна ўмовам акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску”), стваралі воблака слоў “Маё любімае пажаданне па-беларуску”.

“Натхнёныя Бацькаўшчынай” – так можна назваць знакамітых беларусаў, відэасюжэты пра якіх маглі ўбачыць вучні 8-10 класаў на ўроках і пазакласных мерапрыемствах. З задавальненнем прынялі ўдзел у акцыі “Гучы, роднае слова”.

У школьнай бібліятэцы былі арганізаваны выставы: вучэбнай літаратуры па беларускай мове “Сэрцам роднага слова краніся” і "Майстры слова", прысвечаная пісьменнікам-землякам.
Асаблівай цікавасцю вызначаўся ўдзел вучняў у квэст-гульні “Пагуляем у роднае слова”. Прадстаўнікам каманд “Валошкі” і “Званочкі” неабходна было прайсці маршрут з трынаццаццю прыпынкамі і выканаць заданні гульні, што дазволіла праявіць і ўзбагаціць свае веды па роднай мове і літаратуры.
Закончылася святкаванне Дня роднай мовы ўрачыстай лінейкай, на якой падведзены вынікі і ўзнагароджаны пераможцы і самыя актыўныя ўдзельнікі.