Міжнародны дзень роднай мовы

22.02.2021

 

 

 

На працягу апошніх дваццаці гадоў 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, заснаваны ЮНЭСКА і абвешчаны на 30-й сесіі 17 лістапада 1999 года.

Свята ўзнікла дзеля таго, каб папярэдзіць знікненне ўнікальных гаворак, падтрымаць нацыянальныя культуры і захаваць моўную разнастайнасць, а таксама забяспечыць права кожнага чалавека на карыстанне роднай мовай.

Дзень роднай мовы асаблівы  для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта.

Міжнародны дзень роднай мовы адзначылі і ў нашай школе. Навучэнцы

5 -11 класаў разам з настаўнікамі прынялі ўдзел у святочным мерапрыемстве “Не пакідайце ж мовы роднай…”, галоўнай задачай якога было паказаць, што беларуская мова не толькі жыве, але і натхняе юнацтва на творчыя ініцыятывы.

У час мерапрыемства навучэнцы акунуліся ў чароўны свет роднай мовы, паслухалі, як гучыць яна не толькі на ўроках, але і ў выкананні навучэнцаў нашай школы, набылі карысныя навыкі зносін на роднай мове, знаёміліся з беларускай культурай і гісторыяй, пашырылі свае веды пра багацце роднай мовы праз конкурсы “Аматары беларускага фальклору”, “Беларускі каляндар”, “Песеннае багацце”.

Мерапрыемства садзейнічала развіццю пазнавальных і інтэлектуальных здольнасцей вучняў, выхаванню любові, павагі да роднага слова, да Беларусі, а таксама павышэнню матывацыі да вывучэння беларускай мовы.

 Дзень роднай мовы прайшоў урачыста і святочна.